ZX Spectrum

арыгінальны ZX Spectrum 48K

ZX Spectrum — 8-разрадны хатні камп'ютар, створаны англійскай кампаніяй Sinclair Research на аснове мікрапрацэсара Z80 фірмы «Zilog». У працэсе распрацоўкі камп'ютар называўся «ZX81 Colour» і «ZX82»[1], назва «ZX Spectrum» мусіла падкрэсліць адно з галоўных адрозненняў ад яго папярэдніка ZX81 — каляровую выяву. Прыхільнікі гэтага камп'ютара часта называюць яго «Спэкі» (англ.: Speccy).

На пачатку 1980-х «ZX Spectrum» быў адным з найпапулярнейшых камп'ютараў у Еўропе (яго шматлікія клоны на пачатку 1990-х займелі шырокае распаўсюджанне на тэрыторыі былога СССР/СНД). Дзякуючы невысокаму кошту за першыя 17 месяцаў было прададзена больш за мільён гэтых машын. Нізкі кошт быў абумоўлены шэрагам фактараў: выкарыстаннем тэхналогіі ULA (Uncommitted Logic Array), з дапамогай якой большая частка схемы змяшчалася ў адным чыпе; нізкімі тэхнічнымі і карыстальніцкімі характарыстыкамі ў параўнанні з больш дарагімі камп'ютарамі; выкарыстаннем бытавога тэлевізара ў якасці манітора і касетнага магнітафона ў якасці знешняга накапляльніка[2].

У 1980-х асноўным канкурэнтам ZX Spectrum на еўрапейскім рынку быў Commodore 64. Іншымі значнымі супернікамі былі 8-бітныя Atari, BBC Micro, Amstrad CPC і ў некаторых краінах MSX.

Тэхнічныя характарыстыкі

«Sinclair ZX Spectrum» быў прэзентаваны ў красавіку 1982 у двух варыянтах — з 16 і 48 КБ аператыўнай памяці[3].

Плата ZX Spectrum 48

«ZX Spectrum 48» меў 16 КБ ПЗП, куды быў прашыты дыялект мовы праграмавання BASIC, гэтак званы Sinclair BASIC[4]. Гэтая ж праграма ПЗП забяспечвала базавы ўвод-вывад і карыстальніцкі інтэрфейс. Сістэмнымі працэдурамі (напрыклад, друкам на экран) можна было скарыстацца з машыннага коду, выклікаўшы іх па абсалютных адрэсах[5]. Архітэктары камп'ютара прынялі палітыку не змяняць праграму ПЗП, нягледзячы на наяўнасць у ёй памылак[6][7]. Размяшчэнне такой «аперацыйнай сістэмы» і мовы праграмавання ў пастаяннай памяці забяспечвала перазагрузку камп'ютара за некалькі секунд, уключна з тэставаннем ПАД і, што істотна, змяншала памер праграм (праграміст мог выкарыстоўваць «стандартныя» працэдуры ПЗП, не выдаткоўваючы даступную аператыўную памяць і не губляючы пры гэтым сумяшчальнасць)[8].

Першая мадэль «ZX Spectrum» мела недарагую ў вырабе клавіятуру, якая складалася з 40 гумовых клавіш[3]. Яе характэрнай адметнасцю была шматфункцыянальнасць: алфавітна-лічбавыя клавішы мелі да сямі значэнняў у розных рэжымах. Пры гэтым рэжым уводу адлюстроўваўся з дапамогай курсору. Такімі рэжымамі былі: L — для ўводу малых літар, C — для ўводу вялікіх; K — для ўводу асноўных ключавых словаў BASIC, E — для ўводу дадатковых ключавых слоў і аператараў; G — для ўводу псеўдаграфічных, кіруючых сімвалаў і сімвалаў, вызначаных карыстальнікам. Рэжым пераключаўся як аўтаматычна, так і з дапамогай кіраўнічых клавіш Caps Shift і Symbol Shift. Напрыклад, у пачатку набору BASIC чакае нумар радка або каманду, таму курсар знаходзіцца ў рэжыме K. Аднаразовае націсканне клавішы G у гэтым рэжыме спрычыніць аўтаматычны ўвод аператара GO TO. Пасля гэтага курсар пераходзіць у рэжым L і дазваляе набіраць лік, імя пераменнай альбо матэматычны выраз (у тым ліку з дапамогай рэжыму Е)[9]. Пазнейшыя мадэлі (пачынаючы ад ZX Spectrum 128) дазвалялі ў якасці альтэрнатывы набіраць каманды мовы па літарам[10].

Здымак экрану, які паказвае ўсе 15 магчымых колераў: 8 розных колераў з двума ўзроўнямі яркасці, чорны колер аднолькавы пры абодвух узроўнях.

Не менш характэрным быў адзіны графічны рэжым камп'ютара пры адсутнасці тэкставага. Колеры (8 колераў і два ўзроўні яркасці плюс атрыбут мігцення) і ўласна графіка захоўваліся ў розных месцах памяці[11]. Пры гэтым, хоць графічнае разрозненне складала 256×192 пунктаў, колерныя атрыбуты задаваліся па знакамесцах. Кожнае знакамесца памерам 8×8 піксельяў магло мець толькі два прыпісаныя яму колеры (гэтак званыя колеры «чарнілаў» (ink) і «паперы» (paper) у Sinclair BASIC) і па адным атрыбуце яркасці і мігцення[12]. Такім чынам, вобласць 8×8 пікселяў кадавалася 9 байтамі ПАД (8 байтаў — пабітавы малюнак, 1 байт — атрыбуты колеру: 3 біты — колер знаку, 3 біты — колер фону, 1 біт яркасці і 1 біт мігцення знакамесца). Такая арганізацыя выклікала пэўныя праблемы пры стварэнні камп'ютарнае графікі[13]. З іншага боку, малы аб'ём экраннай памяці (каля 7 КБ) дазваляў хутчэй перамалёўваць экран і павялічыць доля ПАД для выкарыстання «ўласна праграмай»[13], што было істотным для камп'ютарных гульняў. Акрамя таго, асаблівая арганізацыя графічнага рэжыму дазваляла значна аптымізаваць вывад тэксту пры адсутнасці тэкставага рэжыму[14].

Першыя мадэлі ZX Spectrum мелі аднабітны выхад гуку праз убудаваны дынамік[15]. Прайграванне музыкі, асабліва шматгалоснай, патрабавала выкарыстання амаль усяго рэсурсу працэсара, бо гук цалкам генераваўся праграмна[16]. У мадэлі ZX Spectrum 128 была дададзен мікрасхема гукагенератару AY-3-8912, што дазваляла прайграваць трохканальны гук без вялікіх выдаткаў працэсарнага часу[17][18]. Падключэнне гэтай мікрасхемы было магчымым і для мадэляў з аб'ёмам памяці 48 КБ[19][20][21].

іншыя мовы
беларуская (тарашкевіца)‎: ZX Spectrum
bosanski: ZX Spectrum
català: ZX Spectrum
словѣньскъ / ⰔⰎⰑⰂⰡⰐⰠⰔⰍⰟ: Спєктроумъ
Ελληνικά: ZX Spectrum
English: ZX Spectrum
euskara: ZX Spectrum
فارسی: اسپکتروم
français: ZX Spectrum
galego: ZX Spectrum
hrvatski: ZX Spectrum
Bahasa Indonesia: ZX Spectrum
日本語: ZX Spectrum
한국어: ZX 스펙트럼
latviešu: ZX Spectrum
македонски: Зет-Икс Спектрум
Nederlands: ZX Spectrum
norsk nynorsk: Sinclair ZX Spectrum
polski: ZX Spectrum
português: ZX Spectrum
русский: ZX Spectrum
srpskohrvatski / српскохрватски: ZX Spectrum
Simple English: ZX Spectrum
slovenčina: ZX Spectrum
slovenščina: ZX Spectrum
српски / srpski: ZX Spectrum
svenska: ZX Spectrum
Türkçe: ZX Spectrum
українська: ZX Spectrum