Ватыканская апостальская бібліятэка

Ватыканская апостальская бібліятэка
Сіксцінскі салон бібліятэкі
Сіксцінскі салон бібліятэкі
Краіна

Flag of the Vatican City.svg Ватыкан

Адрас

Італія, 00120 Ватыкан, Cortile del Belvedere

Заснавана

1475

Фонд
Склад фонду

сярэднявечныя рукапісы, гравюры, манеты, карты

Доступ і карыстанне
Умовы запісу

гл. наведванне бібліятэкі

Абслугоўванне

9:00 - 17:30 (пн-пт)[1]

Колькасць чытачоў

да 150 у дзень

Іншая інфармацыя
Дырэктар

Рафаэле Фарына

Вэб-сайт

vaticanlibrary.va

Commons-logo.svg Ватыканская апостальская бібліятэка на Вікісховішчы

Ватыка́нская апо́стальская бібліятэ́ка (лац.: Bibliotheca Apostolica Vaticana) — бібліятэка ў Ватыкане, якая мае найбагацейшы збор рукапісаў Сярэдневякоўя і эпохі Адраджэння. Бібліятэка, заснаваная ў XV стагоддзі Папам Мікалаем V, увесь час папаўняецца, і ў наш час яе фонды налічваюць каля 1 600 000 друкарскіх кніг, 150 000 манускрыптаў, 8 300 інкунабул, больш 100 000 гравюр і геаграфічных карт, 300 000 манет і медаляў[2][3]. Да бібліятэкі адносіцца Ватыканская школа бібліятэкараў і лабараторыя па рэстаўрацыі і аднаўленню важных манускрыптаў (факсіміле).

Гісторыя

Узнікненне бібліятэкі

Выява Фрыдрыха II з яго кнігі « De arte venandi cum avibus» («Пра мастацтва палявання з птушкамі»), канец XIII стагоддзя

Пачатак збору (архіўныя дакументы, літургічныя кнігі ў выглядзе скруткаў лац.: Volumina) Ватыканскай бібліятэкі было пакладзена ў IV стагоддзі: тады ў Латэранскім палацы быў сабраны архіў, які згадваўся яшчэ пры Папу Дамасіі I (384 год)[4]. У VI стагоддзі за зборам манускрыптаў стаў назіраць дзяржаўны сакратар Ватыкана (лац.: Primicerius Notariorum), а ў VIII стагоддзі з'явілася пасада бібліятэкара Ватыкана. Бібліятэка Папы Баніфацыя VIII складалася з кодэксаў, упрыгожаных мініяцюрамі, у тым ліку 32 грэчаскіх манускрыпта са збору Фрыдрыха II[5]. У верасні 1303 года частка яго збораў пацярпела ад рабавання. У 1310 годзе Папа Клімент V загадаў перанесці 643 каштоўных рукапісы ў Асізі, але ў 1319 годзе на горад напалі гібеліны, пасля чаго шматлікія дакументы з гэтай калекцыі таксама былі згублены.

У 1318 годзе Папа пачаў збіраць трэцюю бібліятэку Ватыкана. У Авіньёне бібліятэка размяшчалася ў бібліятэчнай вежы палаца. Папа Ян XXII валодаў зборам кніг, створаным для курыі. Пазней частка кніг была перавезена ў Ватыкан, у тым ліку апошнім авіньёнскім Папай Рыгорам XI, аднак большасць засталася ў Авіньёне і пазней увайшла ў Нацыянальную бібліятэку Францыі і збор сям'і Баргезэ (вернута ў Ватыкан у 1902 годзе і з'яўляецца дагэтуль часткай апостальскай бібліятэкі).

Заснаванне сучаснай калекцыі

Заснавальнікам сучаснай (чацвёртай) Ватыканскай бібліятэкі лічыцца Папа Мікалай V, абраны ў сакавіку 1447 года. Пры яго папярэдніку Папе Яўгенію IV было выяўлена 350 твораў на латыні, грэчаскім і іўрыце. Гэтыя рукапісы і асабісты збор Папы Мікалая V склалі аснову Ватыканскай бібліятэкі, усяго 800 манускрыптаў на латыні і 353 на грэчаскім. Папа значна пашырыў калекцыю манускрыптамі з Еўропы і з Усходу, так, напрыклад, па яго загаду граматык Альберта Энок д'Асколі (італ.: Alberto Enoch d'Ascolli) адправіўся на пошукі ацалелых збораў з імператарскай бібліятэкі Канстанцінопаля[5]. Фармальна грамадская бібліятэка была заснавана 15 чэрвеня 1475 года булай Папы Сікста IV «Ad decorem militantis Ecclesiae», тады збор складаў 2527 твораў. У 1481 годзе калекцыя налічвала ўжо 3500 манускрыптаў, у гэтым жа годзе былі пабудаваны некалькі новых памяшканняў, якія атрымалі назвы па захоўваемых у іх калекцыям: грэчаская, лацінская, сакрэтная і папская бібліятэкі. Зборы можна было агледзець на месцы пад строгім наглядам. Першым бібліятэкарам Ватыканскай бібліятэкі Папай Сікстам IV быў прызначаны гуманіст Барталамеа Плаціна.

Пасланцы Папы Льва X адправіліся на пошукі манускрыптаў па ўсёй Еўропе. У лістах Папа пісаў, што сваім найвялікшым доўгам лічыць павелічэнне колькасці копій антычных аўтараў для таго, каб падчас яго пантыфікату лацінізм змог нанова заквітнець[6]. Падчас рабавання Рыма ў 1527 годзе, бібліятэка, якая налічвала на той момант 4 тысячы манускрыптаў, падверглася спусташэнню, мноства манускрыптаў было пашкоджана[7]. У 1588 годзе Папа Сікст V даручыў архітэктару Даменіка Фантана пабудаваць новы будынак для бібліятэкі. Новы вялікі будынак размяшчаўся насупраць старой бібліятэкі, для захоўвання манускрыптаў прадугледжваліся адмысловыя драўляныя шафы. Папа Сікст V ахвотна параўноўваў сябе з заснавальнікамі такіх знакамітых бібліятэк, як александрыйская, рымская і афінская[8].

Развіццё з XVI стагоддзі

Напачатку XVII стагоддзя, пры Папе Паўлу V пад захоўванне архіўных дакументаў быў выдзелены асобны будынак. Так пачалася гісторыя Сакрэтнага архіва, размешчанага за брамай Св. Ганны. У XVII стагоддзі ўзнікла традыцыя перадаваць у Ватыканскую бібліятэку прыватныя калекцыі і каралеўскія зборы. Так, фонды бібліятэкі значна папоўніліся ў 1623 годзе, калі курфюрст Баварыі Максіміліян I падарыў Папе Рыгору XV вялікую частку захопленай ім Гайдэльбергскай бібліятэкі (так званая лац.: Bibliotheca Palatina — Палацінская бібліятэка) у знак падзякі за дапамогу ў Трыццацігадовай вайне. У 1815 годзе з Палацінскай бібліятэкі былі вернутыя ў Гайдэльберг 38 лацінскіх і грэчаскіх манускрыптаў, а таксама манускрыпты па гісторыі горада на нямецкай і лацінскай мовах. У 1657 годзе пры Папе Аляксандры VII у Ватыкан з Урбіна была пераведзена так званая Урбінская бібліятэка, якая ўяўляла сабой багатую калекцыю рукапісаў эпохі Адраджэння (1767 тэкстаў на латыні, 165 на грэчаскай, 128 на іўрыце і арабскай[9]), заснаваную герцагам Урбіна Федэрыга да Мантэфельтра.

У 1689 годзе калекцыя папоўнілася зборам шведскай каралевы Крысціны (Аляксандраўскае аддзяленне). Каралева правяла апошнія гады жыцця ў Рыме і адпісвала свой збор (часткова сабраны яе бацькам у паходах на Германію і Польшчу, аднак вялікая частка была сабрана ёю падчас знаходжання ў Фантэнбло[5]) кардыналу Дэчыа Ацаліні, пляменнік якога Пампеа прадаў у 1690 годзе кнігі Папе Аляксандру VIII. Папа пакінуў частку калекцыі ў сваю чаргу свайму пляменніку кардыналу П'етра Атабоні. Кнігі каралевы Крысціны, у складзе якіх збор «Атабаніяна» (італ.: Fondi Ottoboniano; 3394 лацінскіх і 473 грэчаскіх манускрыпта), а таксама збор «Капаніяна» (італ.: Capponiano; 288 рукапісаў са збору фларэнційскага маркіза Алесандра Капоні (італ.: Alessandro Capponi) папоўнілі ў 1759 годзе фонды бібліятэкі.

Codex Assemani, XI стагоддзе

У 1715 годзе Кліментам XI была арганізавана экспедыцыя ў Сірыю і Егіпет, якую ўзначаліў Іосіф Асемані. За два гады працы ў манастырах Нітрыйскай пустыні, Каіры, Дамаску, Ліване ім было сабрана каля 150 найкаштоўных манускрыптаў, якія папоўнілі збор Ватыканскай бібліятэкі. Папа Клімент XIII далучыў усю калекцыю братоў Асемані, якая складала ў тым ліку 202 сірыйска-халдзейскіх, 180 арабскіх і 6 турэцкіх манускрыптаў.

Напалеонаўскія войны сталі фатальнымі для збораў бібліятэкі: у 1797 годзе 500 манускрыптаў былі канфіскаваны французскай дырэкторыяй. Аднак у 1815 годзе вялікую частку вывезенага, за выключэннем 36 манускрыптаў, атрымалася вярнуць у Ватыкан.

Бібліятэка ў XIX і XX стагоддзях

У 1855 годзе збор бібліятэкі папоўнілася набытай калекцыяй кніг графа Чыканьяра (італ.: Cicognara) і 1445 рукапісамі кардынала Анджэла Май (італ.: Angelo Mai), былога галоўнага бібліятэкара Ватыканскай бібліятэкі (1819—1854 года).

З абраннем Папай Льва XIII пачалася мадэрнізацыя бібліятэкі: адкрылася чытальная зала для друкарскіх кніг, заснавана лабараторыя па рэстаўрацыі манускрыптаў, былі ўведзены правілы каталагізацыі манускрыптаў, якія дзейнічаюць і дагэтуль. У 1891 годзе Папа набыў калекцыі графаў Баргезэ: каля 300 скруткаў старой Авіньёнскай бібліятэкі, а ў 1902 годзе за 525 тысяч франкаў архівы кардынала Франчэска Барберыні (італ.: Fondo Barberiniano): 10041 лацінскіх, 595 грэчаскіх і 160 усходніх рукапісаў разам са старымі кніжнымі паліцамі[5]; пазней італ.: Codices Reginæ, Capponiani, Urbinates, Ottoboniani (3394 лацінскіх і 472 грэчаскіх манускрыпта), збор Сіксцінскай капэлы — італ.: Fondo della Capella Sistina (калекцыя па гісторыі музыкі). Пасля Першай сусветнай вайны былі ўведзены адзіныя нормы каталагізацыі друкарскіх выданняў (лац.: «Norme per il catalogo degli stampati»).

Пры Аапе Яне XXIII было набыта некалькі калекцый, у тым ліку італьянскія рукапісы са збору Тамара дэ Марыні (італ.: Tammaro de Marini), калекцыя драматычных твораў на персідскай мове і эфіопскіх манускрыптаў вучонага Энрыка Чэрулі (італ.: Cerulli Persiani і Cerulli Etiopici), а таксама Вісконці і Мацучэлі (італ.: Visconti, Mazzucchelli), у 1922 годзе — Расіяна (італ.: Rossiana; па імі яе гаспадара, рымскага двараніна Джавані Франчэска дэ Росі; 1195 манускрыптаў, 6 тысяч рэдкіх выданняў, 2139 інкунабул).

У 1923 годзе да бібліятэкі была далучана Бібліятэка Кіджы (італ.: Biblioteca Chigiana; 33 тысяч адзінак, сабраных пераважна Флавіа Кіджы з Сіены), у 1926 годзе — збор Фераёлі (італ.: Fondo Ferraioli) (885 манускрыптаў і 100 тысяч аўтографаў, усяго больш 40 тысяч адзінак), у 1940 годзе — архіў сабора Святога Пятра (італ.: Fondo Archivio del Capitolo di San Pietro) і апошні буйны збор манускрыптаў, грамат і аўтографаў італьянскага гісторыка Федэрыка Патэты (італ.: Fondo Patetta, які змяшчае ў тым ліку рукапісы па гісторыі П'емонта)[6], у 1953 — архіў княжацкага сямейства Распільёзі.

іншыя мовы
Bahasa Indonesia: Perpustakaan Vatikan
srpskohrvatski / српскохрватски: Vatikanska biblioteka
Simple English: Vatican Library
slovenščina: Vatikanska knjižnica
Tiếng Việt: Thư viện Vatican